Індэкс устойлівасці АГС Беларусі за 2023 год

CSO Fusion разам з FHI 360 і Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID) прадстаўляе 24-е выданне Індэкса ўстойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, у якім асвятляюцца змены ў сектары за 2023 год.

Гэтая справаздача — сведчанне мужнасці і самаадданасці беларускіх грамадзянскіх актывістаў, што застаюцца ў краіне, а таксама тых, хто мусіць дзейнічаць у выгнанні. Яны працягваюць працаваць на карысць дэмакратычнай, суверэннай Беларусі, нягледзячы на бязлітасныя рэпрэсіі з боку ўладаў.

Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) – гэта аналітычны інструмент, рапрацаваны USAID, які дазваляе ацаніць узровень развіцця сектара па сямі ключавых параметрах устойлівасці: прававое асяроддзе, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасць, адвакатаванне, аказанне паслуг, інфраструктура сектара і грамадскі імідж.  

Метадалогія Індэкса абапіраецца на дадзеныя, якія прадстаўляюцца практыкамі і даследчыкамі грамадзянскай супольнасці, якія ўваходзяць у экспертную групу для ацэнкі згаданых параметраў. Для ацэньвання параметраў выкарыстоўваецца шкала ад 7 да 1, дзе найвышэйшая адзнака – адзінка.  

Падрабязней

Устойлівасць беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці ў 2023 годзе засталася на тым жа ўзроўні, што і год таму, і склала 6.0 балаў.

Паглыбленне крызісу ў галіне правоў чалавека, няспынныя масавыя рэпрэсіі, а таксама бягучая ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны, якую падтрымлівае беларускі рэжым, па-ранейшаму вызначалі сітуацыю ў краіне. 

Прадстаўнікі АГС, якія дзейнічаюць у Беларусі, далей падвяргаліся затрыманням, арыштам, вобшукам, допытам і іншым формам ціску і пераследу. Працягвалася масавая ліквідацыя грамадскіх арганізацый, распачатая ў 2020 годзе. Павялічваўся разрыў паміж беларускімі АГС, што працуюць унутры краіны і за яе межамі.  

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, арганізацыі і інцыятывы прадэманстравалі жыццяздольнасць і гнуткасць і працягнулі сваю дзейнасць, спрыяючы пазітыўным зменам. Многія АГС змаглі захаваць свой патэнцыял, больш эфектыўна рэарганізаваць сваю працу і знайсці новыя спосабы аказання паслуг.

Азнаёміцца з поўным тэкстам справаздачы на беларускай або ангельскай мове.